Легенды пра паходжанне кветак
Васілёк
Жыў у адным паселішчы хлопчык. Васільком яго звалі. Сірата. Добра, што людзі ў вёсцы аказаліся чулымі і вырашылі, што будзе ён у іх падпаскам. Жыў малы па хатах, як і дамовіліся сяляне. Ніхто яго не крыўдзіў, таму што ведалі, які гэта сірочы хлеб. Рос Васілёк нібы на дражжах, але не гэта галоўнае. Пераймаў ён ад людзей усё самае лепшае. А яшчэ хлапчына тварам ды постаццю нібы ў якога прыгажуна пайшоў. Тут ужо вясковыя дзяўчаты стараліся не прапусціць яго міма сябе, абавязкова закрануць, каб пагаманіць ці пасмяяцца. Нічога, што бедны, але ж прыгожы які, а працаўнік- дык такіх пашукаць трэба. Аднаго разу здарылася непрадбачанае. Малая дзяўчынка са сваімі братамі палезла ў вірлівую раку купацца. Не паспелі азірнуцца, як закружылаяе і пацягнула на дно. Убачыў няшчасце Васілёк… і ў ваду! Хлапчына выцягнуў малую, але сам ўтапіўся. Калі вяскоўцы прыйшлі на наступны дзень да ракі, каб пакланіцца яго душы, то ўбачылі кветку. Старэйшыя адразу загаманілі, што гэга пастушкова душа прарасла, і назвалі кветку васільком.
Лекавыя характарыстыкі
Кветкі васілька выкарыстоўваюць у настоях, адварах пры хранічных захворваннях нырак, сардэчна- сасудзістай сістэмы і інш. Гарката, якая прысутнічае ў раслінах дапамагае страваванню.
Рамонак
У адным з гарадоў жыў майстравіты хлапчына. Дастаткова яму было проста на нешта паглядзець, каб потым зрабіць намнога лепшую і прыгажэйшую рэч. Кожны з суседзяў лічыў за гонар купіць у майстра што- небудзь для сябе ці для сваіх блізкіх. Потым пачалі прыязджаць да яго гандляры здалёк і купляць за любую цану рэчы, зробленыя ім. Слава пра незвычайнага хлапчыну разнеслася па суседніх княствах. У адным з іх жыў багаты князь, а ў яго была адзіная дачка. Прыгажуня такая, што ад жаніхоў адбою не было. Трэба ж было такой дзяўчыне пачуць пра незвычайнага майстра. Адразу кінулася да бацькі ды давай прасіцца, што, маўляў, хоча паглядзець на чалавека, які вырабляе такія дзівосныя ўпрыгажэнні. Хто- хто, а князёўна ва ўпрыгажэннях разбіралася і мела іх нямала. Уступіў бацька просьбам дачкі- павезлі яго воіны князёўну ў той горад, дзе жыў майстар. Папрасіла яна хлопца, каб зрабіў той сонца. Біўся, біўся майстар, але нічога не атрымалася. І ператварыўся ён у кветачку. Рамонак вельмі да сонца падобны.
Лекавыя характарыстыкі рамонка
У настаўленнях народных дактароў гаворыцца: “Укаго ў горле баліць, вазьмі шклянку малака, шклянку вады і па адным каліве рамону, ліпавага мёду і бузіны- змяшай усё разам, ускіпяці,працадзі , астудзі і пі замест чаю”.
Вядома, што валасы, прамытыя ў рамонкавым адвары, набываюць прыгожае залацістае адценне. А хто часта мыецца рамонкавым адварам, у таго скура робіцца пяшчотнай. Рамонкі карысна трымаць у каморах і кухнях: гэта расліна адпалохвае мышэй.
Шыпшына
Цікавая гісторыя пра шыпшыну. Яна прысвечана вернаму і моцнаму каханню.Нездарма ж гэтае пачуццё лічаць спрадвеку самым дарагім. А пачалося ўсё з- за таго, што ў адным паселішчы жылі хлопец і дзяўчына. Сустракаліся кожны дзень, працавалі разам, адпачывалі таксама. Усе людзі бачылі іх каханне, але ніхто і слова крыўднага на іх не сказаў. Некаторыя зайздросцілі, але найбольш з- за таго, што ў іх саміх так ў жыцці не складвалася.
Чужому шчасцю зайздросціць не трэба. Старайся сваё каваць. Так заўсёды нашы продкі сваіх нашчадкаў вучылі.Адзін стары дзед нават папярэдзіў закаханых, каб асцерагаліся чорных вачэй. Засмяяліся шчаслівыя ды прамовілі ў адказ, што нікому благога не ўчынілі, што няма ім чаго баяцца. Аднойчы злая ведзьма- варажбітка ператварыла іх у расліны. Дзяўчыну зрабіла шыпшынай, ахлопца- хвашчом, што заўсёды расце побач. А ўсё з-за таго, што ведзьміна дачка была непрыгожая і з ёю не вадзіліся хлопцы.
Лекавыя характарыстыкі
Плады шыпшыны ўваходзяць у склад вітамінных чаёў. Асабліва карысны чай, прыгатаваны з пладоў шыпшыны і чорнай парэчкі. Плады шыпшыны і лекі, якія атрымоўваюць з іх, выкарыстоўваюць у якасці полівітаміннага сродку пры розных захворваннях, якія суправаджаюцца павышанай патрэбай арганізма ў вітамінах.
Ружа
Паводле аднаго з паданняў, ружа сваім паходжаннем абавязана багіні палявання Дыяне. Яна закахалася ў Амура, але адразу ж прыраўнавала яго да адной з прыгожых німфаў, якую звалі Разалія. Аднойчы ў гневе Дыяна схапіла прыгажуню і смяротна параніла яе калючкамі цярноўніку. Амур ад птушак даведаўся, што адбываецца, але не паспеў выратаваць. Упаў на калені перад скрываўленым маладым целам і пачаў горка- горка плакаць. Яго слёзы капалі на куст цярноўніку. І тут адбыўся цуд: дзікарастучы куст стаў пакрывацца вялізнымі і прыгожымі кветкамі. Гэта і былі ружы.
Званочак
Даўней войны ўсялякія ды бітвы на нашай зямлі адбываліся.Ад гэтага нікуды не дзенешся.Усяляк паводзілі сябе людзі пад час выпрабаванняў: хто мужна змагаўся да апошняга, не жадаючы трапляць у палон, а хто наадварот, і ў такой чорнай справе бачыў выйгрышную сітуацыю. Вядома ж ворагі абяцалі многае, але мала калі пакідалі здраднікаў ў жывых. Аднойчы так і здарылася. Нейкі князь прыйшоў са сваёй дружынай, выкарыстаўшы даволі зручны момант, калі ўся дружына мясцовага ўладара была на другім канцы земляў. Знайшлі ўсяго двух братоў, якія пазарыліся на бляск золата. Выдавалі і выводзілі нават туды , куды і пешшу дайсці немагчыма.Многія з-за іх жыццё страцілі, але ўсё ж нарваліся яны на сваё: з- за сады перастралялі лучнікі і чужынцаў, і здраднікаў. На тым месцы выраслі кветкі- званочкі, якія нават у ціхую часіну звіняць: “Уцякайце, хавайцеся, мы здрадзілі…”.
Лекавыя характарыстыкі
На ноч кветкі званочка, ў якіх значна цяплей, чым у навакольным асяроддзі, з’яўляюцца сховішчам для насякомых.
Карані, салодкія і спажыўныя, раней выкарыстоўваліся ў медыцыне.
Лотаць
У аднаго багатага гандляра была адзіная дачка. Таму і выконваў бацька ўсе яе патрабаванні і просьбы. Дзяўчына хутка прызвычаілася да гэтага. Яе проста прыцягваў бляск золата. Аднойчы ў купальскую ночку, калі навокал гаспадарыла нячыстая сіла, дачка гуляла апоўначы, каб знайсці кветку- папараць. У адным месцы ўбачыла заклікальны агеньчык. Яна туды кінулася, а там… рака. Ля берага раніцай ўбачылі кветку лотаць.
Лекавыя асаблівасці
Лотаць яшчэ мае іншую назву- калужніца, у перакладзе гэта азначае “балота”. Раней выкарыстоўвалася ў медыцыне. На Каўказе вярхушкі сцяблін з кветкавымі пупышкамі сушаць і зімой ужываюць у якасці прыправы.Зялёныя часткі раслін ядавітыя. Лісты прыкладаюцца пры апёку да раны.
Comentarios